Мемарыяльная сядзіба Ласток

Ласток, або Сухошчына — трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа. Сюды Міхаіл Міцкевіч перабраўся з Мікалаеўскай лясной каморы 1 лістапада 1885 года і жыў да красавіка 1890 года. Ласток размешчаны за 10 км ад Мікалаеўшчыны, за 4 км ад вёскі Сверынава, былога шляхецкага засценка. Сядзіба (леснікова пасада) акружана яловым лесам.

У тым кутку, глухім і дзікім,
Стараннем дзядзькавым вялікім
І цяжкай працай хлебараоба
Набыта розная надоба;
Ўсё зацвіло, загаманіла,
Бы жыватворчая тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.

Якуб Колас. «На раздарожжы»

У Ластку раней стаяла дзве хаты: у новай жыла сям’я бацькі Якуба Коласа, у старой мясціліся рабочыя, якія выраблялі гонту.

Новая хата пабудавана ў 1885 годзе з хваёвых абчасаных брусоў у гладкі вугал, на каменным падмурку. Яна крытая гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам. Пабудовы (гумно, прыгрэбнік) і сад у Ластку былі абгароджаны парканам, гарод і выган – жэрдкамі.

Хата і гумно захаваліся да нашых дзён. Яны — сведкі жыцця сям’і Міцкевічаў у гэтым благаславёным куточку.

Якуб Колас у аўтабіяграфіі пісаў:
«Самыя раннія дзіцячыя гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта было глухое месца — поле, навокал лес ды адна толькі сяліба лесніка — хата, гумно, хлеў…

Часамі да нас заходзіў хто з сваякоў з Мікалаеўшчыны, адкуль былі родам бацькі, і заставаліся на некалькі дзён. Мне было вельмі цікава паслухаць іх гутаркі. А гэтыя гутаркі былі самага разнастайнага характару. З гэтых гутарак знаёміўся я з невядомым мне жыццём за межамі нашай сялібы. Таксама часта бывалі ў нас і леснікі, аб’ездчыкі і розныя паны з лясніцтва. Многа было гутарак аб лесніковым побыце, аб праявах службовага характару, аб адносінах паноў да лесніка. У гэтых адносінах было многа крыўднага і несправядлівага да лесніка, і ў мяне з самага ранняга дзяцінства закідалася ў душу варожае пачуццё да паноў, а за часам яно яшчэ больш узмацнілася».

Фарміраванне чалавека пачынаецца менавіта ў раннім узросце. Пасля пласт за пластом, як на стрыжань, накладваецца светапогляд, вопыт, мудрасць. Тое, што закладзецца ў дзіцячыя гады, у гэтым невялікім адрэзку жыццёвага шляху, пазней будзе рухавіком у дзеяннях асобы, поглядах, учынках. Хлопчык з Божай іскрай — Костусь — з малых гадоў у простых з’явах і рэчах бачыў незвычайнае, тое, што не было дадзена адчуць і ўбачыць іншым. Гэтыя ўражанні адлюстраваліся ў многіх творах песняра, яны хвалявалі яго сэрца, былі прычынай стварэння цудоўных вобразаў:

Так, і праўда: непадобны
Быў Сымонка да другіх:
Гэты быў хлапчук асобны…

Якуб Колас. «Сымон-музыка»

Пазней праз прызму ўспамінаў Якуба Коласа, яго аўтабіяграфічных нататкаў, дзе расказваецца пра Ласток — першую лесніковую пасаду, якая адбілася ў дзіцячай памяці (затым была Альбуць), нельга не ўбачыць вобраза Сымона-музыкі, летуценнага хлапчука, які ў кожнай рэчы, у кожным гуку бачыў незвычайную з’яву.

«Любіў я вясною на сходзе сонца зашыцца куды-небудзь у куток і слухаць жаваранкаў. Мне тады здавалася, што я ведаю, аб чым яны спяваюць, я адрозніваў вясёлыя і смутныя іх песні, і мне нават здавалася, што жаваранкі ў другіх мясцінах не так спяваюць, як нашы,» – успамінаў пясняр.

Там, у далёкім маленстве, ён жыў сваім, прыдуманым і намаляваным яго ўяўленнем жыццём. І ўсё было загадкава, казачна. Ён у гэты час адчыняў сабе акно ў рэальнае жыццё, кожную з’яву растлумачваючы па-свойму. Гэта было пачаткам яго першага кола жыцця (Якуб Колас падзяляў жыццё на 5 колаў).

Усё па волі Божай. Не будзь гэтай светлай, узнёслай мясціны, Ластка, мо не было б і Якуба Коласа, якога ведае сёння свет: непаўторнага, чулага душой, мудрага, узнёслага і зямнога. Талента і Настаўніка. Аўтара славутай паэмы «Сымон-музыка».

Сярод усіх мемарыяльных сядзібаў найбольшую каштоўнасць на сённяшні дзень мае Ласток. Калі пабудовы ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні ўзноўлены па архіўных матэрыялах, рэстаўраваны, то Ласток захаваў свой першапачатковы выгляд з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі. Хата і гумно, пабудаваныя ў 1885 годзе, захаваліся да сённяшніх дзён. Адноўлены паркан, гаспадарчыя пабудовы, устаноўлена мемарыяльная дошка: «У гэтай хаце ў 1885-1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».

У аўтабіяграфіі, ва ўспамінах, у паэме «Новая зямля», у вершаваным апавяданні «Грушы-сапяжанкі» паэт апісвае Ласток.

У 1997 годзе ў Ластку адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы «Сымон-музыка». Экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, пісьмы, дакументы, фотаздымкі, вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны, творы беларускіх мастакоў.

Сядзіба Ласток і навакольная мясцовасць — гэта не толькі гістарычна-мемарыяльны помнік, але і ўнікальны помнік прыроды. Тут, паводле дадзеных АН Беларусі, знаходзяцца выкапні неагенавага Палеа-Нёмана і антрапагенавага (чацвярцічнага) Пра-Нёмана, выхад палаводна-ледніковых адкладаў у найбольш тыповых праявах. Лясы тут захаваліся больш, чым на прылеглых тэрыторыях. Маецца шмат разнавіднасцяў раслінаў, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу.